З гісторыі развіцця ўстановы
Першыя звесткі пра гісторыю Нарацкай школы можна знайсці ў кнізе “Памяць.Мядзельскі раён”(Мінск, “Беларуская энцыклапедыя”,1998 ).Там сцвярджаецца, што з 1892 года ў вёсцы Кабыльнік працавала народнае вучылішча, у якім ў 1892/1893 навучальным годзе вучыліся 59 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі. Аднак існуе Указ Свянцянскага павету Віленскай губерні ад 1873 года - доказ таго, што пачатковае народнае вучылішча працавала ў Кабыльніку ўжо з гэтага года. У 1878 годзе настаўнікам быў селянін Верамет, законанастаўнікам – ксёндз Граковіч. Вучыліся тады 31 хлопчык і 1 дзяўчынка Больш звестак пра школу канца IХ стагоддзя і да трыццатых гадоў ХХ стагоддзя няма.З фотаархіва С.А.Дзергач (жыхарка в.Нарач, 1927 года нараджэння) і яе ўспамінаў стала вядома, што ў трыццатыя гады ў вёсцы працавала польская сямігадовая школа. Яна была размешчана ў двух будынках па вуліцы Заводскай (сучасная назва) насупраць будынка цяперашняй участковай бальніцы. Вучыліся дзеці ў дзве змены. Затым, у 1937 годзе, была пабудавана новая школа па праекту Ю.Пільсудскага, як тыповая школа польскіх легіёнаў на Заходняй Беларусі, у выглядзе лацінскай літары L
У школе былі прасторныя класы, кабінеты настаўнікаў, дырэктара, гардэроб, спартыўная зала, бібліятэка, месца для гатавання ежы для бедных дзяцей.Колькасць вучняў у школе дакладна невядома, але ў класах было па 25-30 вучняў. Захаваліся фотаздымкі вучняў і некаторых настаўнікаў школы. Дарэчы, некаторыя польскія настаўнікі і іх родныя яшчэ жывуць у Польшчы. Некаторыя, напрыклад Юзэфа Бжэзоўская, падтрымлівае сувязь з Нараччу. Прыязджала ў вёску, па яе запрашэнні ў Польшчы былі настаўнікі школы Шарай Марыя Генрыхаўна і Аляксандр Віктаравіч, якія жывуць у доме Юзэфы Бжэзоўскай і ў якім з 1944 года па 1960 працавала Кабыльніцкая няпоўная сярэдняя школа. Захаваліся фотаздымкі вучняў школы і некаторых настаўнікаў.
Акрамя школы выхаваннем дзяцей займаўся дзіцячы садок. Ён знаходзіўся на месцы дома Цяляк Т.Р. па вуліцы Савецкай. У садку былі настаўнікі і выхавацелі.Дзяцей знаёмілі з працай бацькоў, вадзілі на экскурсіі на поле, у лес, вучылі распазнаваць расліны, птушак, жывёл.
У першыя гады вайны школа працавала. Затым у ёй стаялі нямецкія салдаты, а ў 1943 годзе будынак школы быў спалены.Аднак праз год Кабыльніцкая сямігадовая школа аднавіла сваю працу на новым месцы.1 верасня 1944 года вучні прыйшлі ў другі будынак школы, па вуліцы Школьнай (раней Пенкная), дзе жыла настаўніца Юзэфа Бжэзоўская.
Дырэктарам школы быў прызначаны былы партызан Шадура.У школе працавалі 6 настаўнікаў.Вучылася каля 150 вучняў.У1945 годзе была створана першая піянерская дружына.Першымі піянерамі былі будучыя настаўнікі школы Чабатар Ананій Іванавіч, Цэкала Рэгіна Іосіфаўна, Вярцінская Людміла Іосіфаўна. Былі пабудаваны яшчэ два будынкі.
У 1947 годзе адбыўся першы выпуск Кабыльніцкай сямігадовай школы
Многія выпускнікі пасляваенных гадоў былі мала маладзейшыя за сваіх настаўнікаў і выглядалі вельмі па-даросламу.
У 1947 годзе скончыў 7 класаў Кабыльніцкай школы Расціслаў Лапіцкі (першы справа ў другім радзе ), пазней стваральнік і кіраўнік нелегальнай арганізацыі моладзі, змагар супраць таталітарызму, за свободу і незалежнасць Айчыны, пра якога расказваецца ў кнізе М. Чарняўскага “Як пошуг маланкі” (Мінск,”Тэхналогія”, 2006).
Дырэктарамі Кабыльніцкай няпоўнай сярэдняй школы працавалі: у 1950/1951 і ў 1951/52 навучальным годзе -- Бейманаў Філіп Фёдаравіч, 1952/1953 -- Дудзін Міхаіл Пятровіч. У 1950 годзе ў школу прыехала працаваць Бахтовіч (Яўменава) Леакадзія Уладзіміраўна, Татур Марыя Аляксандраўна. Яўменаў Іван Афанасьевіч, у 1952 годзе -- Тармола Канстанцін Якаўлевіч і Таісія Серафімаўна Занкавіч (Тармола). Калектыў быў малады. Вучні школы па ўзросту мала чым адрозніваліся ад настаўнікаў, бо прыйшлі ў школу пераросткамі. Вельмі моцнай была ідэалагічная і патрыятычная работа, ад настаўнікаў патрабавалі быць прыкладам высокай грамадзянскасці. Вельмі ўрачыста адзначаліся рэвалюцыйныя святы, усе вучні абавязкова павінны былі хадзіць у клуб на прагляд кінафільмаў пра дзяржаўны строй, Савецкую уладу, калектывізацыю. Дырэктар Бейманаў Ф.Ф. быў зняты з работы за тое, што не арганізаваў вучняў на прагляд кінафільма “Савецкая Беларусь”.
Дырэктарам школы ў 1953-56 гадах быў Мартынаў Іван Нікіціч.
На фотаздымку таго часу бачым педагагічны калектыў школы.
Настаўнікі школы не толькі вучылі дзяцей ў школе, але і навучалі грамаце іх бацькоў, вялі агітацыйную ідэалагічную работу сярод насельніцтва, дапамагалі мясцоваму калгасу ў выкананні ўсіх сельскагаспадарчых работ: вялі праполку і ўборку кукурузы, рвалі лён, жалі збожжа.
У 1956-63 гадах дырэктарам школы працаваў былы франтавік Яўменаў Іван Афанасьевіч. Семнаццацігадовым юнаком ён дабраахвотнікам пайшоў на фронт. Пасля вайны скончыў педагагічны інстытут імя Горкага і з 1951 года працаваў настаўнікам Кабыльніцкай школы. Загадчыкам гаспадаркі працаваў Каралёў Рыгор Мікалаевіч, былы партызан, камісар атрада імя Пархоменкі брыгады імя Варашылава. Пазней у школу прыйшла Малашкевіч Ларыса Панцялееўна, былая франтавічка, сувязістка.
З 1955 года Кабыльніцкая школа стала дзесяцігадовай. Вучні і настаўнікі ў 50-я гады па- ранейшаму шмат займаліся сельскагаспадарчай працай: дапамагалі вяскоўцам нарыхтоўваць дровы, выконвалі будаўнічыя работы, вырошчвалі кукурузу на плошчы 10 га.
У школе быў трактар, вучні вучыліся працаваць на ім
У канцы пяцідзесятых гадоў пачалося будаўніцтва новай школы па вуліцы Піянерскай, дзе яна знаходзіцца да цяперашняга часу. Школа была пабудавана даволі хутка і ўжо ў 1960 годзе адчыніла дзверы для школьнікаў.
Сваімі сіламі быў пабудаваны стадыён, актывізавалася спартыўная работа, шмат зрабіў для гэтага настаўнік фізкультуры Тармола Канстанцін Якаўлевіч.
19 мая 1962 года перад галоўным уваходам школы быў устаноўлены помнік А.Кашавому, імя якога насіла піянерская дружына. Дружына вяла перапіску з маці Алега Кашавога Аленай Мікалаеўнай Кашавой. Старшымі піянерважатымі дружыны ў розны час працавалі Роўда Галіна Мікалаеўна, Тачыцкая Леаніла Міхайлаўна, Валюк Фаіна Васільеўна, Крыштафовіч Тэрэза Людвікаўна.
У школе у 1962 годзе працавала больш 20 настаўнікаў. Было шмат сямейных параў: Тармолы, Роўды, Малевічы, Ліхадзіеўскія, Яўменавы.
Больш трыццаці гадоў, з 1964 па 1995, кіраваў школай Субач Мечыслаў Іосіфавіч. Ім быў створаны моцны педагагічны калектыў. Сам чалавек глыбока адукаваны, шырокага кругагляду, ён дабіваўся ад сваіх настаўнікаў эрудыцыі, высокага прафесіяналізму. Званне заслужанага настаўніка БССР атрымалі ў той час Ясінская Вольга Філімонаўна і Юркевіч Рэгіна Эдуардаўна, Цэкала Рэгіна Іосіфаўна ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Вялася вялікая навукова-даследчая праца на прышкольным вопытным участку, вынікі даследванняў юных натуралістаў дэманстраваліся на ВДНГ у Маскве.
Настаўнік біялогіі Юркевіч Р.Э. была ўзнагароджана Граматай Вярхоўнага Савета БССР (1978), ордэнам “Дружбы народаў”(1986), Ганаровай граматай праўлення Савецкага фонду міру (1987), стала лаурэатам прэміі Н.К.Крупскай у 1985 годзе. Роўда Я.М. і Юркевіч Р.Э. неаднаразова становяцца ўдзельнікамі Рэспубліканскіх і Усесаюзных педагагічных чытанняў.
Роўда Я.М. атрымаў званне настаўнік-метадыст, Тармола Канстанцін Якаўлевіч, Татур Марыя Аляксандраўна, Яўменава Леакадзія Уладзіміраўна, Субач Мечыслаў Іосіфавіч, Роўда Яўген Мікалаевіч, Роўда Галіна Мікалаеўна, Малевіч Валянціна Мартынаўна, Чабатар Ананій Іванавіч, Валюк Фаіна Васільеўна, Рызгунская Галіна Пятроўна - званне “Выдатнік народнай асветы БССР”.
Рызгунская Г.П і Роўда Я.М. прымалі ўдзел у рабоце з’езда настаўнікаў Беларусі.
У школе вядзецца вялікая выхаваўчая работа, праводзяцца абласныя і рэспубліканскія семінары.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Валюк Ф.В. і Роўда Я.М. з’яўляюцца лектарамі абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. Школа славіцца выдатнымі настаўнікамі-эрудытамі: Малевіч Валянціна Мартынаўна, Чабатар Ананій Іванавіч, Канчанін Алена Адольфаўна, Палонік Алена Аркадзьеўна, Рогач Сталіна Барысаўна і іншыя.
Па-ранейшаму цесную сувязь падтрымлівае школа з саўгасам “Нарач”, вядзе прафарыентацыйную работу (многія выпускнікі школы выбіраюць сельскагаспадарчыя прафесіі), аказвае дапамогу ў вырошчванні кармавых буракоў. Дырэктар саўгаса Жабко С.Б. дапамагае школе ў правядзенні рамонту, расшырэнні матэрыяльнай базы школы.
Сувязь паміж саўгасам і школай была вельмі цеснай. Школа дапамагала ў у сельскагаспадарчых работах, правядзенні сельскіх сходаў, хор настаўнікаў выступаў на святах працы, сумесна працавалі партыйная і прафсаюзная арганізацыі.
З 1996 па 2003 год дырэктарам школы быў Роўда Яўген Мікалаевіч. Школа расшырае сваю матэрыяльную базу. Шмат увагі надзяляецца добраўпарадкаванню і азеляненню школьнай тэрыторыі, будаўніцтву спартыўных і дзіцячых пляцовак. Члены педагагічнага калектыву прымаюць удзел у конкурсах “Настаўнік года”, “Лепшы па прафесіі”. Настаўнікі школы Таразевіч Тэрэза Вячаславаўна, Кальчынская Тэрэза Казіміраўна, Бепершч Людміла Іосіфаўна прымалі ўдзел у раённым конкурсе “Настаўнік года -1998”, занялі прызавыя месцы. Настаўнік біялогіі Куцкевіч Жанна Яфімаўна была пераможцам раённага конкурсу важатых у 1996 і 1997 гадах, атрымала прызавое трэцяе месца на абласным конкурсе, у 2003 годзе -- пераможцам раённага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў і паспяхова ўдзельнічала ў абласным конкурсе.
Візітоўка ўдзельніка конкурсу Куцкевіч Ж.Я.
Актыўна працуе прафсаюзная арганізацыя школы на прынцыпах партнёрства і ўзаемадапамогі, у 2002 годзе прымае ўдзел у абласным аглядзе-конкурсе прафсаюзных арганізацый, прысвечаным 100-годдзю прафсаюзнага руху. Старшыня прафкама Рызгунская Г.П. прызнана пераможцам агляду-конкурсу ў намінацыі “Лепшы прафсаюзны лідар”.
У 1998 годзе школа адзначыла свой 125-гадовы юбілей, на які з’ехаліся знакамітыя выпускнікі школы: Давідовіч Р.А., начальнік аддзела інфармацыі аблвыканкама, Маліноўскі Т.К., старшыня камітэта па ўпраўленні дзяржмаёмасцю і прыватызацыі, Харужы В.П., дырэктар Вілейскага СПТВ-144, Стружэцкі Тадэуш Іванавіч, загадчык упраўлення культуры аблвыканкама. Сярод выпускнікоў школы ёсць выкладчыкі сталічных навучальных устаноў, (Папок Іван., Вярэнька Уладзімір), вучоны-матэматык Лысёнак Ігар, вядомы стаматолаг Рогач Наталля, пісьменнік Лапцік Вячаслаў , селекцыянер Журомскі Генадзь і інш….
У школе створаны этнаграфічны калектыў (кіраўнік намеснік дырэктара Роўда Галіна Мікалаеўна), які выступае перад насельніцтвам, вядзе прапаганду здаровага ладу жыцця, знаёміць з абрадавымі традыцыямі беларускага народа, з беларускай нацыянальнай культурай, праслаўляе свой Нарачанскі край.
Каля двух гадоў (2004-2005) школай кіраваў Казлоўскі Віктар Адамавіч, былы выпускнік школы. Вялікая ўвага надзялялася экалагічнаму выхаванню. Школа стала абласной эксперыментальнай пляцоўкай па здароваму ладу жыцця , у кастрычніку 2005 года пачала работу па рэалізацыі эколага-валеалагічнага праекта “Экашкола – 2010”
Добра працуе школьнае лясніцтва (кіраўнік Дач Алена Нікадзімаўна), яно заняло другое месца ў вобласці ў аглядзе-конкурсе школьных лясніцтваў, створана экалагічная арганізацыя малодшых школьнікаў “Званочак”. У школе з’явіўся зімовы сад, у класах -- жывыя куткі. Устаноўлена цеснае супрацоўніцтва паміж вучнямі, настаўнікамі і навукоўцамі Нацыянальнага парку “Нарачанскі”. Сумесна вядзецца вялікая краязнаўчая і навукова-даследчая праца, у ваколіцах Нарачы адкрыта экалагічная сцяжынка.
Вялікая ўвага надзяляецца турызму як адной з форм экалагічнага і фізічнага выхавання школьнікаў. Энтузіястамі турыстычных падарожжаў з’яўляюцца настаўнікі школы: Жалубоўскі Славамір Генрыхавіч, Русецкі Казімір Антонавіч, Радкевіч Святлана Іосіфаўна, Куцкевіч Жана Яфімаўна, Трапачова Валянціна Мікалаеўна і іншыя. Велапрабег па месцах баявой славы Нарачанскага краю, велападарожжы ў Верхнядзвінск, Гродна, гісторыка-культурны помнік “Лінія Сталіна”, Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”, крэпасць-герой Брэст, Нацыянальная бібліятэка Беларусі – далёка не поўны пералік тых мясцін, дзе пабывалі нашы вучні. Дамоў яны вязуць шмат уражанняў, шмат новых ведаў. якія выкарыстоўваюць, прымаючы ўдзел у абласных і рэспубліканскіх конкурсах .
Выніковасць – аснова работы школы. У 2004/2005 навучальным годзе ў вышэйшыя навучальныя ўстановы паступіла 17 выпускнікоў, што складае 50 % ад агульнай колькасці выпускнікоў. У сярэдне-спецыяльныя навучальныя ўстановы паступіла 11 вучняў, што складае 32,3%. Паступленне сярод выпускнікоў, якія займаліся ў профільных групах, склала 100%. У 2004 годзе школа стала пераможцам у раённым конкурсе “Школа года”.